«БУЛЫ́ГІНСКАЯ ДУ́МА»,

увайшоўшая ў гісторыю назва праекта прадстаўнічага законадарадчага органа ў Расіі. Праект закону аб Думе і палажэнне пра выбары ў яе распрацаваны ў ліп. 1905 камісіяй пад кіраўніцтвам міністра ўнутр. спраў А.Г.Булыгіна (адсюль назва). «Булыгінская дума» павінна была склікацца не пазней сярэдзіны студз. 1906. Паводле праекта, «Булыгінская дума» мела права абмяркоўваць законапраекты, бюджэт і інш.; большасць насельніцтва не мела выбарчага права (рабочыя, жанчыны, ваеннаслужачыя, вучні і інш.). «Булагінская дума» не была склікана. У выніку Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 цар вымушаны быў выдаць Маніфест 17 кастрычніка 1905 з абяцаннем заканадаўчай Дзярж. думы.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)